Абвешчана журы прэміі Цёткі

У журы прэміі ўвайшлі:
Пятро Васючэнка – выкладчык, літаратуразнаўца, пісьменнік, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў “Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага", “12 подзвігаў Геракла”.
Алена Масла – пісьменніца-казачніца, аўтарка шэрагу кніг, у тым ліку “Вандроўка з божымі кароўкамі”, “Пацучок Фэлік падарожнічае”.
Вольга Гапеева – пісьменніца, перакладчыца, аўтарка шэрагу паэтычных зборнікаў і кнігі для дзяцей “Сумны суп” (пераможца літаратурнага конкурсу Саюза беларускіх пісьменнікаў “Экслібрыс” імя Янкі Маўра, 2013).
Вера Жыбуль (Бурлак) – пісьменніца, перакладчыца, аўтарка кніг “За здаровы лад жыцця!”, “Дзеці і здані”.
Валерый Славук – мастак-ілюстратар, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, праілюстраваў шэраг беларускіх народных казак (“Удовін сын”, “Піліпка-сынок” і інш.), кнігі “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, “Вясна ўвосень” Уладзіміра Караткевіча і іншыя.
Павел Татарнікаў – мастак-ілюстратар, выкладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, праілюстраваў “Слова аб паходзе Ігаравым”, "Графа дэ Монтэ-Крыста” Аляксандра Дзюма, “Снежную каралеву” Ганса Хрысціяна Андэрсана.
Вольга Мазурава – рэдактар дзіцячага часопіса “Гарбузік”.
Васіліса Паляніна-Календа – мастачка, праілюстравала кнігу казак братоў Грым у перакладзе на беларускую мову.

Прэмію Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў заснавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд “Вяртанне”. У 2016 годзе яна будзе ўручана ўпершыню.
Прэмія Цёткі будзе ўручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі).

У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце ciotka.by.

Фонд "Вяртанне"