Пры ўдзеле фонду “Вяртанне” прайшла этнаграфічная экспедыцыя "Ганцавічы-2015"

За тры летнія месяцы Студэнцкае этнаграфічнае таварыства запланавала і правяло тры экспедыцыі. Адна з іх ахапіла ўсе населеныя пункты Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, а таксама асобныя вёскі Салігорскага (Мінская вобласць), Ляхавіцкага і Лунінецкага раёнаў (Брэсцкая вобласць).

Галоўнай задачай выправы было вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры мясцовага насельніцтва, а таксама збор інфармацыі па фальклоры, святах, абрадах, побыце, традыцыйных рамёствах. Падчас экспедыцыі было запісана шмат каштоўных звестак, якія можна аднесці да катэгорыі вусная гісторыя. Арганізатары выправы ставілі перад сабой адразу некалькі мэт: збор інфармацыі для архіва Студэнцкага этнаграфічнага таварыства; пошук носьбітаў традыцыі з мэтай навучання, наладжвання кантактаў з мясцовымі установамі культуры і асобнымі актывістамі для супрацоўніцтва і абмену досведам.

 

Падчас экспедыцыі. Фота СЭТ.

 

Экспедыцыйная база месцілася у в. Боркі, што за 7 кіламетраў ад Ганцавіч. Удзельнікі выправы жылі ў звычайнай вясковай хаце, якую арандавалі ў адной з мясцовых жыхарак. На працягу ўсяго тэрміну ў экспедыцыі ўзялі ўдзел каля 40 чалавек. Гэта людзі розных узростаў і прафесій: прафесійныя этнографы, музыканты, журналісты, настаўнікі, праграмісты, мастакі, гісторыкі, студэнты. Былі сярод іх і маладыя этнографы з Польшчы і Літвы.

Цягам трох тыдняў, штодня «ў поле» выходзілі па 3—4 працоўныя групы, якія складаліся з 2—4 чалавек. Кожная група мела пры сабе камплект апаратуры: відэакамеру, дыктафон, фотаапарат, а таксама GPS-навігатар для фіксацыі каардынат сакральных аб'ектаў (могілкі, камяні, крыніцы і г д.). У абавязкі працоўнай групы таксама ўваходзіла вядзенне палявога дзённіка (натаванне плана размовы з інфарматарамі, запіс максімальна поўнай інфармацыі адносна зафіксаваных аб'ектаў). Штораніцы экспедыцыйны аўтамабіль развозіў групы па загадзя распланаваных маршрутах, забіраючы іх увечары. У аддаленыя населеныя пункты групы выязджалі на 2—3 дні. У якасці экспедыцыйнага транспарту таксама актыўна выкарыстоўваліся ровары. Штодня на маршруты выязджала 2 роварныя групы.

Экспедыцыю «Ганцавічы-2015» можна назваць ва ўсіх сэнсах удалай. Найперш таму, што у той ці іншай ступені ўсе пастаўленыя задачы былі выкананы. Удзельнікі выправы сабралі даволі вялікі аўдыё-, відэа- і фотаархіў. Акрамя непасрэдных размоў з жыхарамі вёсак і фатаграфавання рэчаў з іх шафаў ды куфраў, атрымалася зафіксаваць этнаграфічныя зборы невялічкіх музеяў, дамоў культуры, школ і бібліятэк.

 

У іх найчасцей знаходзяцца рэчы, якія былі сабраныя мясцовымі супрацоўнікамі культуры, і якія часта ўяўляюць з сябе сапраўдную каштоўнасць, пры гэтым захоўваюцца па-за вокам шырокага кола. Таксама падчас выправы даследчыкі пазнаёміліся з носьбітамі традыцыі, якія з ахвотай гатовыя працягваць супрацу, у прыватнасці з інтарэсам адгукнуліся на прапанову вучыць маладых этнографаў. Напрыклад, дзяўчаты, якія цікавяцца традыцыйнымі спевамі, наведалі вёскі Раздзялавічы і Хатынічы, дзе знаходзяцца вядомыя фальклорныя гурты. Як вынік — дамова аб магчымасці правядзенні спеўнага летніка ў в. Хатынічы з удзелам старых спявачак, што валодаюць аўтэнтычнай манерай спеваў.

Гарманіст Турко Васіль Фёдаравіч (1949 г. н.), жыве ў Востраве.

Экспедыцыя «Ганцавічы-2015» была арганізавана высілкамі Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання Студэнцкае этнаграфічнае таварыства пры падтрымцы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама. Фінансавую дапамогу аказаў дабрачынны фонд “Вяртанне”. Арганізатары і ўдзельнікі выправы адзначаюць, што пад час экспедыцыі мясцовыя супрацоўнікі культуры аказалі значнае спрыянне і дапамогу ў правядзенні даследаванняў. Варта сказаць, што сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства зацікаўленыя ў абмене сабранымі матэрыяламі з установамі культуры Ганцавіцкага раёна і маюць спадзеў на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Марыя Лук'янава, кіраўнік экспедыцыі "Ганцавічы-2015"