Наўздагон «Заспявай»: Жэня Вялько запісаў песню ў межах конкурсу

Яўген Вялько расказаў Свабодзе, як ягоная асабістая гісторыя праз творчасьць пераплялася з адчуваньнямі дзясяткаў тысяч беларусаў.

 

Яўген Вялько.

Пра гісторыю затрыманага на жаночым маршы трансгендэра Жэні Вялько Свабода пісала ў кастрычніку. Яўген падрабязна расказаў, як да яго паставіліся праваахоўнікі і праз што давялося прайсьці ў турме. Неўзабаве пасьля вызваленьня ён страціў пастаянную працу. Цяпер мае толькі разавыя падпрацоўкі, нестабільны заробак. Яўген расказвае, што спрабаваў абскардзіць затрыманьне і штраф у судзе, але выніку гэта ня мела. Паседжаньне нават прайшло безь яго, пакуль сам Яўген хварэў на каранавірус. Штраф удалося аплаціць дзякуючы падпісчыкам з сацыяльных сетак, якія назьбіралі патрэбную суму.

З словаў самога Яўгена, адзінае, чым ён меў сілы займацца ў першыя месяцы пасьля затрыманьня, — гэта музыка. 18 сьнежня Яўген выпусьціў сынгл «Трывога». СЛУХАЦЬ ПЕСЬНЮ

«Гэта даўняя работа, — расказвае Яўген. — І за час працы над песьняй яна набыла шмат новых дадатковых сэнсаў. Спачатку ідэя яе запісаць зьявілася, калі я падаваўся на конкурс „Засьпявай“. Яго ўдзельнікі атрымліваюць як прыз запіс у студыі, выступ на вялікай сцэне. Гэта ўсё было яшчэ ў канцы мінулага году. Тады ідэя зрабіць такі запіс была для мяне чымсьці асабістым, ня мела ніякага палітычнага падтэксту. У мяне ёсьць некалькі дыягназаў, зьвязаных з мэнтальным здароўем. І адзін зь іх — акурат генэралізаванае трывожнае расстройства. Гэта такая рэч, якая вельмі моцна перагукаецца з тэкстам твору».

Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай» Яўген атрымаў магчымасьць запісаць сынгл на прафэсійнай студыі Паўла Сінілы, гукарэжысэра з EverestMedia. Запіс некалькі разоў адкладалі праз пандэмію каранавірусу. А пасьля прыйшлі выбары і падзеі пасьля іх.

«Пачаліся акцыі, людзі сталі выходзіць на вуліцы, — расказвае музыка. — І я зразумеў, што праца над маім праектам цяпер як ніколі актуальная. Што гэты сынгл ужо ня толькі нешта маё асабістае, але і публічнае. Бліжэй да жніўня трэк быў падрыхтаваны, а пасьля мяне затрымалі. Калі вярнуўся з Жодзіна, то ўжо абсалютна не было сілаў хадзіць на маршы, рабіць тое, што раней. Быў вельмі вялікі страх арышту, фобія перад прадстаўнікамі закону засталася. Адзінае, што я мог рабіць пасьля затрыманьня, — гэта займацца музыкай. Толькі гэта не выклікала ў мяне панікі».

Яўген падкрэсьлівае, што не хацеў бы, каб яго творчасьць і выхад гэтага сынглу лічылі палітычным актывізмам. Для яго гэта найперш творчасьць, а ўжо пасьля ўсё астатняе.

«У тэксьце няма нічога, што б паказвала на сёлетнія пратэсты, — кажа Яўген. — Але ёсьць тое, што, напэўна, асабістае і для мяне, і належыць таксама іншым людзям, якія выходзілі на маршы. Гэта моцна зрэзанавала ўсім, каму я паказваў трэк у працэсе працы. Я тады падумаў, што гэта папраўдзе пра тое, што адбываецца цяпер».

З аўтарам тэксту Міхалам Бараноўскім Яўген пазнаёміўся некалькі гадоў таму. Міхал запрасіў яго выступіць у музэі Багдановіча. Музыка кажа, што адчувае эмацыйную блізкасьць з творчасьцю Бараноўскага. Пасьля асабістага знаёмства пачаў сачыць за творчасьцю Міхала і быў бы рады працягваць сумесна рабіць штосьці яшчэ.

«Трывога» ня першы запісаны Яўгенам твор. Але гэты сынгл стаў першым, масава распаўсюджаным на ўсіх плятформах, дыстрыбуцыяй на прафэсійнай аснове займаецца партал «Тузін.fm».

«Водгукі пакуль вельмі добрыя, — кажа Яўген. — Трэк у інтэрнэце знаходзіцца ўсяго дзень, і я атрымаў на яго больш магутны водгук, чым чакаў. Інфармацыю пра рэліз запосьціла вельмі шмат клясных людзей. У тым ліку Сяргей Будкін, ад якога я проста ў захапленьні. Гэта чалавек, які цягне на сабе беларускую музычную індустрыю. Усе напісалі вельмі шмат добрага пра мой трэк. Пра тое, наколькі ён трапіў у тэму ў сувязі з пратэстамі і маёй асабістай гісторыяй праз удзел у іх. Гэта ўсё ўжо выйшла за межы маёй аўдыторыі».

Радыё «Свабода»