MAXIMALISM: «СПЯВАЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ – ГЭТА НОВЫ ЎЗРОВЕНЬ ШЧЫРАСЦІ» (ПРЭМ’ЕРА)

Фіналісты «Заспявай-5», гурт Maximalism прэзентуе на TuzinFM свой выпускны трэк, зроблены падчас удзелу ў конкурсе. Ягоная жывая прэм’ера пройдзе 9 сакавіка пры падтрымцы Palina – праекту Паліны Рэспублікі.

Трэк «Фрагменты» – плён супрацы канкурсантаў з паэткай Ганнай Комар. Менавіта яе верш яны абралі для таго, каб пакласці на музыку ў межах конкурсу. «Я адразу зразумела, што хачу ўзяць верш гэтай паэткі. Напэўна, гэта як з каханнем з першага погляду – я прачытала «Фрагменты» ды яшчэ некалькі іншых твораў і зразумела, што гэта тое, што я шукала. Творчасць Ганны жывая, паміж яе радкоў бачыш асобу і чуеш гісторыі», – распавядае спявачка і кампазітарка Алеся Друк.

Падчас працы над трэкам аўтарка музыкі і аўтарка словаў пазнаёміліся і разам адаптавалі верш для песні. На запіс дэма-версіі было ўсяго тры дні, таму першапачаткова песню зрабілі ў звыклым фармаце, дзе прыпеў чаргуецца з куплетам. Але гэта не тое, што ім хацелася ў ідэале, – прызнаюцца музыкі. Таму яны вырашылі істотна перапрацаваць трэк, калі трапяць у фінал. «Нам хацелася, каб тэкст Ганны знаходзіўся ў атачэнні нашых улюбёных гукаў, каб музыка стварала настрой і атмасферу, а тэкст вёў за сабой. Нам вельмі блізка тое, што атрымалася ў фінале», — кажа Алеся. Дарэчы, асноўная партыя была запісаная на вінтажным сінтэзатары з Японіі.

Алеся дзеліцца сваімі ўражаннямі ад удзелу ў «Заспявай-5»: «Спяваць па-беларуску – гэта наогул нейкі новы ўзровень шчырасці. Калі пяеш па-ангельску, то затуманьваеш свае думкі, а тут яны зразумелыя і ясныя. А наогул вельмі крута, што ёсць такі конкурс. Гэта нагода выбрацца са студыі і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Спявачка Ірэна Катвіцкая дала нам веру ў тое, што па-беларуску можа атрымацца выдатна і паказала куды глядзець. Дызайнерка Наста Шастак дала нам неверагодную колькасць карыснай інфармацыі і адкрыла новыя шляхі камунікацыі са слухачамі. Ну, і канечне, проста ашаламляльная паэтка Ганна Комар, з якой мы ўжо наладзілі далейшую супрацу», – падсумоўваюць музыкі.

На сваім «выпускным» канцэрце ў межах «Заспявай-5» яны рыхтуюцца пашырыць межы ўяўлення свайго лайв-сэту, найперш самі для сябе. Прагучаць перакладзеныя на беларускую ранейшыя трэкі і зусім новыя, а таксама яшчэ адзін верш Ганны Комар, пакладзены на музыку, пад назваю «Трыпутнік», прычым у акустычным варыянце. Выступ фіналістаў «Заспявай-5» падтрымае Паліна Рэспубліка (Palina), якая зайграе паўгадзінны сэт са сваіх найлепшых твораў. Колькасць месцаў абмежаваная, спяшайцеся набыць квіткі.

Музыкі маюць намер перавыдаць у перакладзе на беларускую свае ангельскамоўныя трэкі, якія раней пабачылі свет у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Украіне і Нідэрландах. А таксама рыхтуюць новы самотнік – той самы «Трыпутнік». Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

Maximalism – Фрагмэнты (музыка Алесі Друк, словы Ганны Комар).

Ведай ты нават ня пазл

Ведай ты мой любы квілт

Ты сабраны па фрагмэнтах

І цябе не замяніць

 

Я зьбіраю цябе адзіны мой

Зьлізваю з вуснаў мужчын

Я шукаю цябе адзіны мой

Дзе пяюць на іншых мовах

 

Я ствараю цябе адзіны мой

Iмёны, месцы і час

Я зьмяшаю твае рысы ў адно

Твае рысы ў адно

 

Ведай ты нават ня пазл

Ведай ты мой любы квілт

Ты сабраны па фрагмэнтах

І цябе не замяніць