“Калядны фэст” падтрымае маладых выканаўцаў

І дапаможа запісаць новыя песні.

Традыцыйны “Калядны фэст” сёлета выйдзе за межы канцэртнага шоу. Арганізатары пачынаюць пошук новых талентаў, якім дапамогуць запісаць новыя песні, а таксама запросяць выступіць на самім фэсце!
Да ўдзелу запрашаюцца гурты любой стылістыкі. Заяўкі прымаюцца да 25 лістапада ўключна на скрынку: kaladny.fest@gmail.com з пазнакай “Конкурс”. У лісце павінна быць назва калектыву, кантактныя дадзеныя і спасылка на відэа выступу або студыйны запіс 1-3 песень. Пасля праслухоўвання арганізатары абяруць 10 найлепшых выканаўцаў, якія працягнуць барацьбу ў публічным галасаванні. Пераможца вызначыцца 18 снежня. У якасці прыза гурт запросяць выступіць на “Калядным фэсце” 25 снежня, а фонд “Вяртанне” дапаможа зрабіць студыйны запіс 1-2 трэкаў.
“Калядны фэст” сёлета пройдзе ўжо ў 12 раз. За час свайго існавання мерапрыемства стала чаканай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай музыкі.
“Наш фэст паказае сувязь сучаснасці з мінулым, — распавядаюць арганізатары. — Канцэптуальна ён не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі”.
Гледачоў чакаюць традыцыйныя сярэднявечныя і народныя танцы, шмат конкурсаў і падарункаў! Сёлета на фэсце выступяць “Стары Ольса”, Znich, Irdorath, Osimira, Rokash.

Арганізатары