Хто такі Архан Памук, чый «Стамбул» выходзіць па-беларуску

На сайце Ulej стартавала кампанія ў падтрымку беларускага перакладу кнігі «Стамбул». Расказваем, хто такі Архан Памук і чаму яго варта чытаць.

Архан Памук падчас свайго візіту ў Тбілісі ў 2014 г.

З заможнай сям’і

Архан Памук нарадзіўся ў заможнай стамбульскай сям’і ў 1952 годзе. Праўда, актывы, якія зарабіў дзед па лініі бацькі на будаўніцтве чыгункі ў пачатку ХХ стагоддзя, да сярэдзіны стагоддзя значна паменшалі. Але і гэтага хапала на добрае жыццё. Архан быў другім дзіцем у бацькоў.

Марыў стаць мастаком, а напісаў раман

Скончыў амерыканскі Robert College у Стамбуле. Яшчэ юнаком ён марыў стаць мастаком і для прафесіі выбраў блізкую спецыяльнасць — паступіў у тэхнічны ўніверсітэт на архітэктара. Але праз некалькі гадоў кінуў вучобу, бо вырашыў стаць пісьменнікам. У выніку ён скончыў факультэт журналістыкі. А пасля на некалькі гадоў адгарадзіўся ад наваколля, каб напісаць кнігу. «Джэўдзет-бей і сыны» — так называўся першы раман, у якім Памук расказаў пра тры пакаленні сям’і паспяховага камерсанта ў часы еўрапеізацыі Турэцкай Рэспублікі. Гэта была гісторыя яго дзеда.

Сям’я не падзяляла інтарэсаў

Вялікая сям’я Памукаў не разумела і не падзяляла захаплення Архана літаратурай. «Тата быў адзіным, хто падтрымліваў мяне ад пачатку. Астатнія былі настроены даволі скептычна. Навошта станавіцца пісьменнікам, калі ў Турцыі ніхто не купляе кніжак? А калі тата прачытаў рукапіс майго першага рамана, ён сказаў: «Некалі табе дадуць Нобелеўскую прэмію па літаратуры.»

Бацька таксама марыў стаць пісьменнікам

Бацька Архана Гюндуз у маладосці пісаў вершы і перакладаў паэзію Валеры. Але не здолеў прысвяціць сябе літаратуры. «Калі мне было сем гадоў, тата кудысьці загадкава знік. А праз некалькі тыдняў мы атрымалі вестку, што ён у Парыжы. Ён спыніўся ў танным гатэлі Монпарнаса, рабіў нататкі ў сшытках, складваў іх у чамадан». Калі грошы скончыліся, Гюндуз пачаў шукаць працу. А паколькі быў інжынерам-будаўніком і меў схільнасць да матэматыкі, уладкаваўся ў IBM і пераехаў у Жэневу. Следам за ім у Швейцарыю выправілася і сям’я.

За два гады да смерці бацька аддаў Архану чамадан са сваімі сшыткамі, у якіх былі вершы, артыкулы, апавяданні. Маўляў, каб сын разабраў і апублікаваў штосьці з іх. Памук нават нобелеўскую лекцыю назваў «Чамадан майго таты».

Прыхільнік еўрапеізацыі Турцыі

«Такім, як я, хто гадаваўся ў еўрапеізаваных, свецкіх стамбульскіх сем’ях, верыць у Еўрапейскі саюз вельмі проста. Не забудзьце, «Фенербахчэ» — футбольная каманда, за якую я заўзею з дзяцінства, — гуляе ў Лізе Еўропы. Мільёны туркаў, як і я, усім сэрцам шчыра вераць у тое, што Турцыі ёсць месца ў Еўропе… Я не магу ўявіць сабе Турцыю, якая б не марыла пра Еўропу, як і цяжка ўявіць Еўропу, якая не марыць пра Турцыю».

Камплексаваў праз сваю турэцкасць

«У 1990-х, калі мае кнігі пачалі перакладацца на іншыя мовы, рэцэнзіі на іх пачалі з’яўляцца, напрыклад, у The New York Times. Я чытаў іх, і паўсюль было напісана «турэцкі аўтар». Мяне гэта жудасна злавала. Бо калі, да прыкладу, Пруст піша пра каханне, ніхто не кажа: «Пруст піша пра французскае каханне». А калі я пісаў, крытыкі казалі: «Кніга пра турэцкае каханне». Гэта засмучала. Я змог пазбавіцца ад гэтага комплексу, і апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў больш не хвалююся пра такія рэчы — да таго ж Чэхаў і Дастаеўскі навучылі мяне, што правінцыйнасць таксама можа быць магутнай і важнай тэмай у літаратуры».

Напісаў «Стамбул», каб выйсці з дэпрэсіі

Пісаць «Стамбул» Памук узяўся ў складаны час: ён разводзіўся, пры смерці знаходзіўся тата, наклаліся іншыя праблемы. Пісьменнік быў на мяжы дэпрэсіі. І каб пераадолець цяжкасці, ён прачынаўся, прымаў душ, сядаў за стол і пісаў — пісаў па дванаццаць гадзін на дзень. Праз год кніга была завершана. У 2003 годзе «Стамбул» выйшаў па-турэцку. На сёння гэта самая вядомая кніга Памука ў свеце.

Нацыяналісты хацелі яго забіць

У 2005 годзе ў інтэрв’ю адной швейцарскай газеце Памук сказаў, што «ў Турцыі былі забітыя трыццаць тысяч курдаў і мільён армян» і паскардзіўся, што ў яго краіне існуе забарона на абмеркаванне гэтай трагедыі часоў Асманскай імперыі. Інтэрв’ю стала падставай, каб Міністэрства юстыцыі абвінаваціла пісьменніка ў абразе Турцыі. Узняўся міжнародны скандал. Памука падтрымалі пісьменнікі Сарамагу, Маркес, Льёса, Грас. У выніку Мінюст пазоў адклікаў. Але па краіне пракацілася хваля пратэстаў: палілі нават яго кнігі. Сам Памук з’ехаў з краіны. А калі арыштавалі дзеячаў падпольнай нацыяналістычнай групоўкі, то адкрыліся нават іх планы забіць Памука.

Жыве паміж Стамбулам і Нью-Ёркам

У 2007 годзе Памука запрасілі выкладаць у Калумбійскі ўніверсітэт у ЗША, дзе ён працуе і да сёння. «Я выкладаю толькі адзін семестр на год, пасля чаго аддаю перавагу вяртанню дамоў».

Пасля Нобелеўскай прэміі не перастаў пісаць

«Калі я даведаўся, што мне дадуць Нобелеўскую прэмію, падумаў толькі: «О, грашовае пытанне вырашана. Зараз я магу спакойна сканцэнтравацца на кнізе. Гэта цудоўна!»

Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 54 гады, калі былі напісаны кнігі «Маё імя — Чырвоны», «Чорная кніга», «Снег». І гэтая ўзнагарода дадала яму больш імпэту, каб пісаць новыя творы. Ён напісаў яшчэ тры раманы: «Музей цноты», «Мае дзіўныя думкі», «Рыжавалосая жанчына». І працуе над наступным. «Я пішу кнігу, дзеянні якой адбываюцца ў 1900 годзе на выдуманым востраве ў Міжземным моры. Ён з’яўляецца правінцыяй Асманскай імперыі».

Самы чытаны турэцкі пісьменнік

Кнігі Памука перакладзены на 63 мовы. Яны выйшлі агульным накладам больш за 15 мільёнаў асобнікаў. Гэта самы чытаны турэцкі пісьменнік у свеце. «90% свайго часу і энергіі я выдаткоўваю на напісанне раманаў. Нічога іншага я не ўмею і не хачу».

Стварыў Музей цноты па сваім рамане

Больш за дваццаць гадоў пісьменнік збіраў розныя рэчы, звязаныя з культурай і бытам Турцыі 1950—2000-х гадоў. Гэта фотаздымкі, газетныя выразкі, упрыгожанні, посуд… У рамане «Музей цноты» Памук «задзейнічаў» усе тыя прадметы. Галоўнай лінія рамана — каханне Камеля і Фюсун. У пэўны момант адносін герой кнігі вырашыў сабраць усе рэчы, звязаныя з яго каханай. І як эпілог — Кемаль стварыў музей Фюсун. Праз чатыры гады пасля выхаду кнігі, у Стамбуле запрацаваў і сапраўдны Музей цноты.

* * *

Кампанія па выданні беларускага перакладу «Стамбула» працягваецца на Ulej.by.

«Стамбул» выйдзе ў нобелеўскай серыі Noblesse oblige. Гэта сумесны праект дабрачыннага фонду «Вяртанне» і выдавецтва «Янушкевіч». Раней у серыі пабачылі свет «Голад» Кнута Гамсуна і «Каханне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса.

«Наша Ніва»