Гэта трэба чуць! У фінал «Заспявай-6» прайшлі чацвёра выканаўцаў

Па выніках праслухоўвання дэма-запісаў і жывых выступаў журы назвала фіналістаў шостага сезона конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай.BY», які ладзяць TuzinFM і фонд «Вяртанне».

Найбольшую колькасць галасоў ад журы набралі 20-гадовая спявачка Lear (Валерыя Суравіцкая) і 19-гадовая спявачка Марыя Чапрасава. Валерыя падрыхтавала для конкурсу песню «Планета знасіла сваю арбіту», гэта верш Віталя Рыжкова, напісаны па матывах верша грузінскага паэта Гагі Нахуцрышвілі.

Марыя ўзяла для сваёй песні верш «Горад вёсак» Антона Рудака.

На трэцяе месца прэтэндавалі некалькі выканаўцаў. У выніку дыскусіі, журы прыняла рашэнне дапусціць у фінальную стадыю не трох выканаўцаў, як меркавалася, а чатырох. У іх лік трапіў гурт Pylai, які заснавалі 26-гадовыя музыкі Рыгор Лайкоў і Уладзь Пыльчанка. Яны паклалі на музыку верш «Мафія» на словы Віктара Жыбуля.

Чацвёрты фіналіст «Заспявай-6» – гурт «Юность» з Гомеля, які заснавалі 22-гадовая вакалістка Стэфанія Хрушчова, 23-гадовы вакаліст і гітарыст Георгій Давыдзян ды басіст Іван Таміла (25 гадоў) . Яны ўзялі для конкурснай песні верш «Вяртайся» Віталя Рыжкова. Цікава, што менавіта з песняй на гэты верш у самым першым конкурсе «Заспявай» перамогу атрымаў Віталь Варанко. Цяпер ён загучаў у іншай музычнай стылістыцы.

Сёлета заявы на «Заспявай» падалі 43 маладыя выканаўцы. З іх у наступны тур прайшлі 28 выканаўцаў. Усе яны атрымалі права паўдзельнічаць у адукацыйнай сесіі, у межах якой адбылося 14 сустрэчаў з ментарамі конкурсу. Пасля яе ўдзельнікі зрабілі дэма-варыянты сваіх конкурсных песень паводле вершаў прапанаваных беларускіх паэтаў. Затым адбылося жывое праслухоўванне (усе 28 песень у жывым выкананні можна пачуць тут). Паводле дэма-запісаў і жывых выступаў журы назвала фіналістаў. Цяпер іх чакаюць індывідуальныя заняткі па вакалу (з Русяй), самапрэзэнтацыі (з Настай Шастак), літаратурная кансультацыя (ад Андрэя Хадановіча) і саўндпрадзюсарская падтрымка (Барыса Календы і Паўла Сінілы).

Каментар прадзюсара «Заспявай-6» Сяргея Будкіна

Па выніку кожная з конкурсных песень будзе прэзэнтаваная ў выглядзе сінгла ўвесну. Пераможца конкурсу будзе названы на канцэрце фіналістаў 6 сакавіка ў клубе Berlin (запісацца можна тут). Ён атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў на рэалізацыю далейшых творчых задумаў.

Арганізатары