«Для шчасця патрэбны няпростыя рэчы — свабода, справядлівасць, закон». Інтэрв’ю з лаўрэатам Прэміі Цёткі

«З галаваю залезьці пад коўдру» і задаволіцца жыцьцём цяпер ня ўдасца, лічыць маладая пісьменьніца Зараслава Камінская. Сёлетнія падзеі істотна скарэктавалі сьпіс простых рэчаў для шчасьця, складзены напрыканцы мінулага стагодзьдзя Міхалам Анемпадыставым.

З Зараславай Камінскай, уганараванай за свае дзьве кніжкі трыма літаратурнымі прэміямі, пагутарыла Валянціна Аксак.

— Пакуль мы з вамі зьбіраліся пагутарыць пра адну ўзнагароду вам за кнігу «Калядны стол» — маю на ўвазе трэцяе месца ў штогадовай прэміі імя Гедройця — на вас звалілася яшчэ і ляўрэацтва ў прэміі імя Цёткі. Выдатны, можна сказаць, посьпех другое кнігі маладой пісьменьніцы. А калі ўлічыць, што першая — «Русалкі клічуць» — атрымала прэмію «Дэбют», то і ўвогуле атрымліваецца трыюмфальны ўваход у літаратуру. Як даяце рады з нечаканай (ці чаканай?) славай?

— Мне падаецца, літаратурныя прэміі ў Беларусі не прыносяць славы — яны прыносяць вядомасьць. Слава ж зарабляецца пісьменьнікамі ў чытачоў, зарабляецца штодзённай працай. І тая праца — гэта і кнігі, і пасты ў сацсетках, якімі дзеляцца тысячы, і лекцыі ды артыкулы, што тлумачаць мінулае ці сучасныя падзеі, грамадзкая дзейнасьць. І як заслужаны вынік (ці прыкмета) славы — добрыя кніжныя наклады, чэргі па аўтографы на імпрэзах і сустрэчах. Таму на славу мне яшчэ працаваць і працаваць. Але, вядома, я вельмі ўдзячная прэміям — гэта ня толькі вялікі гонар, але і падтрымка, прамоцыя: калі імя аўтара дзесьці хтосьці чуў, то гэта можа падштурхнуць набыць кніжку.

— Слава, выглядае, закадаваная і ў ваша імя — Зараслава? Ці дапамагае яно вам? Ці адчуваеце ягоную містыку?

— Маё імя мне падабаецца тым, што яно мае шмат словаформаў — кожны можа выдумаць ці выбраць такі варыянт, які яму даспадобы. Мяне завуць «Зарына», «Зоренька», «Зорка», нават «Зо». Але звычайна з усіх словаформаў «слава» выключаецца — і мне падаецца, што ня «слава» тут галоўная. Для мяне гэта імя пра ўсход — мой любімы момант дня. Але маё імя ўсё ж мне спрыяе. Як усё незвычайнае, яно добра запамінаецца, а таму дапамагае заўважаць мае творы і «замацоўваць» іх у чытацкай памяці за мной.

— Прэмія імя Геройця ўручаецца за празаічныя кнігі для дарослых, а прэмія імя Цёткі — за дзіцячыя. Праясьніце нам, калі ласка, для якое публікі вы напісалі «Калядны стол»? І ўвогуле, якога чытача ўяўляеце, калі задумваеце і ствараеце свае тэксты?

— Я пісала «Калядны стол» для дарослых. Але ў аснову шмат якіх апавяданьняў ляглі мае дзіцячыя ўспаміны — то бок, апавяданьні напісаныя пра дзяцей, пра адносіны з бацькамі, звычайныя сямейныя справы. Таму дзеці змогуць прачытаць у гэтай кнізе пра сябе. А дарослыя — таксама пра сябе: пра тых, якімі яны былі ў дзяцінстве, і пра тых, хто яны зараз для сваіх дзяцей, — аўтары і творцы рэчаіснасьці, якія здольныя гэтую рэчаіснасьць зрабіць магічнай, напоўніць казкамі, пяшчотай і смачнай хатняй ежай.

Малой мне вельмі падабалася (ды і зараз падабаецца) кніга Любові Варанковай «Сьнег ідзе»: у нас быў стары экзэмпляр 1949 года выданьня. Там апісваецца жыцьцё вясковай дзяўчынкі, яе назіраньні за старэйшымі, першыя спробы рабіць дарослыя справы. Простая мова, будныя сюжэты, але такая ў іх утульнасьць і цеплыня, што я, маленькая, часта вярталася туды, каб «пагрэцца». Мне хацелася б, каб і ад «Каляднага стала» таксама рабілася цяплей — незалежна ад узросту.

Што тычыцца майго ўяўнага чытача, то гэта чытачка — звычайна, я ўяўляю сябе:) Мне хочацца напісаць тое, што спадабалася б чытаць мне самой.

— Я як чытач, зь першае старонкі «Каляднага стала» купілася на прастату тэксту. І толькі праз некалькі аповедаў адчула прыхаваную ў ім глыбіню. Тады здалося, што вы даволі абачліва пад назовам кнігі на вокладцы зьмясьцілі ўдакладняльныя словы тэматыкі — «Некулінарная кніга». Скажыце шчыра: баяліся, што за рэцэптам украінскага баршчу, які варыць бацька гераіні, ці працэсам выпечкі тварожнага пірага, які рэгулюе па тэлефоне яе маці, чытач ня ўбачыць галоўнага пасылу вашай кнігі?

— Так, баялася. Баялася, што чытачы ня пойдуць далей за вокладку, палічыўшы кнігу зборнікам рэцэптаў, таму і патлумачыла назву.

І яшчэ хацелася напісаць дадатак да звычайнай «кулінарнай кнігі», якая ў тым ці іншым выглядзе (а часам нават і ў рукапісным фармаце) ёсьць ці ня ў кожнай сям’і. «Некулінарная кніга» — тлумачэньне таго, што чытаецца паміж радкамі кулінарнай.

— Бацькі гераіні прыехалі ў Наваполацк, дзе яна (і вы) нарадзілася, з Украіны. Але ў вас цудоўная, я б сказала, спадчынная беларуская мова з багатай лексыкай і тонкім адчуваньнем стылю. Адкуль ці ад каго гэта?

— Дзякуй вам, гэта вельмі прыемна чуць, асабліва пра спадчыннасьць. Мая мова — начытаная, таму, напэўна, гэта спадчына кніг, напісаных па-беларуску. Як і шмат каго, мяне ў школе да мовы прывёў Караткевіч, пасьля яго былі і Арлоў, і Карпюк, і Баршчэўскі. Ды і Іван Сяркоў — любіла яго трылёгію «Мы з Санькам». «Начытваць» мову працягваю і цяпер — у нас шмат пісьменьнікаў з адметным стылем і непаўторным гучаньнем.

І яшчэ мая мова — «начутая». Зь дзяцінства (дома і ў гасьцях ва Ўкраіне) я чула ўкраінскую мову, сугучную, аднаплынную з беларускай. Мяркую, гэтыя інтанацыі, прыгожыя і часам невядомыя словы, і паўплывалі на тое, як я пішу.

— Гераіня вашай кнігі выглядае шчасьлівым чалавекам. Наколькі гэта аўтабіяграфічна?

— Так, я лічыла сябе шчасьлівым чалавекам: ёсьць вельмі шмат таго, за што я ўдзячная лёсу. Хоць у мяне, як і ўва ўсіх, ёсьць і балючыя моманты, але з імі прызвычайваесься жыць.

Цяпер назваць сябе шчасьлівай складана — складана быць шчасьлівай сярод гвалту, хлусьні, несправядлівасьці і страху, што з тваімі блізкімі (ды нават і не блізкімі, але суайчыньнікамі) можа штосьці здарыцца.

— «Простыя словы, простыя рэчы: хлеб на стале, полымя ў печы». Так больш за дваццаць гадоў таму сфармуляваў падставовыя рэчы чалавечага шчасьця Міхал Анемпадыстаў. А што ўваходзіць у ваш сьпіс унівэрсальных каштоўнасьцяў?

— Мяне таксама робяць шчасьлівай простыя рэчы. Людзі — сям’я і сябры. Ежа — тую, што ем сама, і тая, што гатую для кагосьці. Кнігі — тыя, што чытаю, і тыя, што пішу. Сабакі — свае ці чужыя: гэта заўсёды радасьць.

— «Калядны стол» выдадзены летась. Мінулы год і сёлетні — гэта штыль і бура. Як грамадзкія зьмены ў краіне ўплываюць на гэты сьпіс і ўвогуле на ваша творчае і чалавечае жыцьцё?

— Што тычыцца творчасьці, то яна на паўзе. Увесь жнівень я не магла нават чытаць кнігі, толькі ў верасьні пачала пакрыху слухаць аўдыёкнігі. Тым больш мяне ўражвала і ўражвае праца журналістаў — Tut.by, «Наша Ніва», «Эўрарадыё», Onliner, Радыё Свабода. Ведаю, што шмат хто ня мог працаваць у тыя часы, а журналісты гэтых выданьняў працягвалі ствараць тэксты — пра цяжкія, жахлівыя падзеі, з рызыкай для ўласнага жыцьця. І гэтыя тэксты — адзінае, што я чытала ў канцы лета і на пачатку восені.

Што тычыцца спісу, то асабліва востра адчуваю, што цяпер простых рэчаў недастаткова для шчасьця — нельга «з галавою залезьці пад коўдру». Патрэбны рэчы няпростыя — свабода, справядлівасьць, закон. Спадзяюся, што гэтае няпростае шчасьце ў нас атрымаецца зарабіць.

Валянціна Аксак, Радыё Свабода