АСАБЛІВАЯ ГІСТОРЫЯ, ЯКУЮ МОЖА ПЕРАЖЫЦЬ КОЖНЫ (АЎДЫЁ)

Раман Волазнеў прэзентуе на TuzinFM кампазіцыю «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава, з якой трапіў у фінал конкурсу «Заспявай». Ужывую гэтую песню выканаўца сыграе 23 сакавіка на сваім сольным выступе пры падтрымцы Naviband.

«Салёныя сны» – першая кампазіцыя Рамана на словы сучаснага беларускага паэта. (Дагэтуль ён спяваў толькі на словы класікаў – Янкі Лучыны і Максіма Багдановіча). Выканаўца добра знаёмы з Мікітам Найдзёнавым і нават спяваў на ягоныя словы адну са сваіх песень. Але непасрэдна да ягонай лірыкі дагэтуль не звяртаўся.

«Калі Мікіта падараваў мне зборнік вершаў, то я намагаўся знайсці нагоду, каб да яго звярнуцца. Такім штуршком акурат і стаў конкурс «Заспявай». Я доўга вывучаў ягоныя вершы і нарэшце зрабіў свой выбар на гісторыі, якая кране, напэўна, не толькі мяне, бо кожны чалавек нешта падобнае перажывае. Гэты верш нетрывіяльна напісаны, а разам з незвычайнай музычнай гармоніяй і структурай стварае асаблівую атмасферу», – распавядае Раман. Сам Мікіта падзівіўся выбару Ромы, бо не думаў, што з гэтага ягонага верша можа паўстаць песня.

Раман зазначае, што песня нарадзілася літаральна за паўгадзіны, што для яго вялікая рэдкасць. Вынік настолькі спадабаўся выканаўцу, што было вырашана яе адразу ж запісаць начыста ў студыі. Праца вялася адразу на трох студыях – уласнай хатняй, на ToneTwins і Central Station. За гук і майстарынг адказваў Андрэй Акатаў. А запісаць Раману (вакал, фартэпіяна) яе дапамаглі Канстанцін Ласкутоў (гітара), Уладзіслаў Пашкевіч (бас), Андрэй Іваноў (бубны). «Салёныя сны» была выдадзеная ў якасці сінглу на вядучых лічбавых платформах, на яе таксама было знятае лайв-відэа.

23 сакавіка ў межах конкурсу «Заспявай-5» Раман Волазнеў дае сольны канцэрт, на якім у тым ліку адбудзецца жывая прэм’ера песні «Салёныя сны». Прагучаць таксама ранейшыя сінглы, песні з альбома «Мгновения» ды некалькі прэм’ераў. Акампанаваць будуць ягоныя даўнія сябры-музыкі. Выступ пройдзе ў акустычным фармаце: без аніводнага запісанага ў плэйбэку гуку і ў максімальна цёплай атмасферы. А падтрымае  выканаўцу сваім сэтам NavibandКолькасць месцаў абмежаваная. Квіткі можна набыць праз Bezkassira.

TuzinFM

 

Roman Voloznev – Салёныя сны (музыка Р.Валазнева, словы М.Найдзёнава).

Пад ноч сумую па табе

і сны салёныя прыходзяць.

І гэтак шмат, што мне іх хопіць

на пару фільмаў у чб.

 

І кожны раз былы сцэнар:

што б мы рабілі, ты рабіла.

Гарчэй на ранку, чым рабіна,

і халадней, чым та сцяна,

 

што паміж намі, хоць і ты

і я ўсё ведаю (амаль што).

Адчуем лёгка ноты фальшу,

хай і прайшло мо’ два гады.

 

А ў гэту ноч, як у той раз,

калі табе сказаў: «Кахаю».

У ванне хвалі калыхаюць,

і я не чую твой адказ.