АРГАНІЗАТАРЫ «ЗАСПЯВАЙ-5» У ЗАХАПЛЕННІ! У ЛОНГ-ЛІСТ ТРАПІЛІ 25 КАНКУРСАНТАЎ (СЛУХАЦЬ)

Абвешчаны лонг-ліст конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай-5», які праводзяць партал TuzinFM разам з фондам «Вяртанне». «Мы ў захапленні ад сёлетніх канкурсантаў!», – канстатуе прадзюсар конкурсу Сяргей Будкін.

На першым этапе конкурсу журы «Заспявай» прынялі і адслухалі заявы ад канкурсантаў. Сёлета музыкам ад 16 да 30 гадоў прапанавалася пакласці на музыку верш аднаго з фіналістаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У журы ўвайшлі спявачка і кампазітарка Наталля Куніцкая (Mustelide), музыка Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz, Volski), спявачка і педагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba), саўндпрадзюсар Андрэй Акатаў (Belsat Music Live), музыка і выкладчык Алег Хаменка («Палац»), а таксама арганізатары конкурсу — кіраўнік партала TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртанне» Павал Бераговіч (Падкарытаў).

У выніку з 28 заяваў у лонг-ліст конкурсу «Заспявай-5» трапілі 25 выканаўцаў. Цяпер іх чакае жывое праслухоўванне журы, па выніку якога будуць адабраныя 3 фіналісты, з якімі будзе праведзеная індывідуальная праца. Яны дадуць канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і прэзэнтуюць студыйныя версіі сваіх конкурсных песень. Па выніку будзе абраны пераможца, які атрымае яшчэ і 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў. Усе, хто падаў заявы на «Заспявай-5», атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у трохдзённай адукацыйнай сесіі.

У межах адукацыйнай сесіі цягам трох дзён у снежні пройдуць лекцыі, майстар-класы і практычныя заняткі. Ірэна Катвіцкая правядзе трэнінгі па вакальнай тэхніцы, Андрэй Акатаў распавядзе пра тонкасці студыйнай працы, дызайнерка Наста Шастак пра візуальную канцэпцыю выканаўцы, Аляксандар Чарнуха пра супрацу са СМІ, Алег Хаменка – пра маркетынгавыя тэхналогіі ў музыцы, кіраўнік лэйбла «Ezhevika» Дзмітры Літвіновіч пра тое, як прадаваць сваю музыку. Таксама пройдуць адмыслова распрацаваныя для гэтай сесіі лекцыі «Сучасная беларуская паэзія ў кантэксце сусветнай» (чытае Андрэй Хадановіч) і «Сучасная беларуская музыка ў кантэксце сусветнай» (Віктар Сямашка). Лекцыі прызначаюцца толькі для канкурсантаў, але калі імі зацікавяцца іншыя, то можна пакінуць сваю заяўку на мэйле 12tuzin@gmail.com. У адказе мы напішам, як можна на яе трапіць.

Такім чынам, лонг-ліст з 25 канкурсантаўПавал Козiч & Цiхан Букраба, Анастасія Казакова, «Лiхтар», Maximalism, Mikita (Мікіта Ігнаценка), Соф’я Астапюк, Roman Voloznev, BarRokka, Ігар Палынскі, Lear (Валерыя Суравіцкая), Absolem Cloud, Ігнат Селюн (L-Tanig), «Район119», Dymna Lotva, Леся Стасевіч, Ксенія Вальшонак, Atesta, Уладзіслаў Лепяшынскі ft. Lear, Vojstrau, Арцём Петрашэвіч і Міхась Ліпскі, Вольга Дзевялтоўская і Алег Кецмур, Раман Найдзёнцаў, Renoir Project, «Холст Драйзера», iLi Family.

«Мы дзякуем усім, хто падаў заявы на конкурс. Сапраўды, заданне было даволі няпростым, і мы радыя, што канкурсанты не збаяліся, не паленаваліся і добра папрацавалі з сучаснымі паэтычнымі тэкстамі. Па выніку вершы натхнілі музыкаў на стварэнне цікавай ды арыгінальнай музыкі і мы маем вялікую колькасць патэнцыйных хітоў. Гэтыя заяўкі безумоўна натхняюць і радуюць. Мы ў захапленні!», – кажа сузаснавальнік і прадзюсар конкурсу Сяргей Будкін і раіць усім беларускім выканаўцам у незалежнасці ад узросту звяртацца да сучаснай беларускай паэзіі. Старонка са спасылкамі на творчасць фіналістаў прэміі «Дэбют» прызначаная для ўсіх выканаўцаў, якія шукаюць добрыя тэксты.

За навінамі конкурсу можна сачыць на афіцыйных старонках Facebook і УКантакце.

 

Арганізатары