Абвешчаны шорт-ліст прэміі “Дэбют”

Журы вызначыла кароткі спіс намінантаў на прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Сёлета ў яго ўвайшлі:

Паэзія
Алесь Замкоўскі. Наступны прыпынак. — Мінск: Кнігазбор;
Галіна Сіўчанка. Зоў звычаю. — Мінск: Медысонт;
Стась Карпаў. Канцылярыі розных спраў. — Мінск: Медысонт.

Пераклад
Юлія Алейчанка: Вецер у валасах (пераклады аўтараў: Мікаіл Мушфіг (Азербайджан), Сяргей Комаў (Казахстан), Мэн Хаажань (Кітай), Сюй Чжымо (Кітай), Майроніс (Літва), Андрэй Каровін (Расійская Федэрацыя), Саліх Гуртуеў (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка), Лула Куні (Чачэнская Рэспубліка), Нізом Касім (Рэспубліка Таджыкістан), Леся Мудрак (Украіна), Сяргей Савін (Украіна). — Мінск: Выдавецкі дом “Звязда”;
Ліда Наліўка: Лэсь Бэлэй. Ліхія дзевяностыя. Любоў і нянавісць у Ужгарадзе (з украінскай). — Вільня: Логвінаў;
Паўліна Вітушчанка: Рычардас Гавяліс. Віленскі покер (з літоўскай). — Вільня: Логвінаў.

Проза
Алесь Кіркевіч. Самурай. — Мінск: Кнігазбор;
Стэфан Корф. Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага: містычная аповесць у шасцідзесяці трох днях. — Мінск: Кнігазбор;
Дар’я Трайдэн. Крыштальная ноч. — Мінск: Кнігазбор;

Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць ад Фонду “Вяртанне” 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў. Згодна з Палажэннем аб правядзенні прэміі, у адной ці некалькіх намінацыях пераможца можа не вызначацца. Вынікі прэміі будуць агучаныя на ўрачыстай цырымоніі ў канцы сакавіка.

У сёлетняе журы прэміі ўвайшлі: Павел Бераговіч, Леанід Галубовіч, Адам Глобус, Вера Жыбуль (Бурлак), Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Таццяна Нядбай і іншыя.

Арганізатары