Фіналісты «Заспявай-5» падрыхтавалі канцэрты

Разам з імі выступяць Palina, Naviband, Warsoba.

Выступы фіналістаў конкурсу, які ладзіць партал TuzinFM і фонд «Вяртанне» пройдуць цягам сакавіка ў трох мінскіх клубах. Маладых выканаўцаў падтрымаюць жывымі сэтамі вядомыя музыкі.

9 сакавіка (cубота) у клубе «Графіці» выступіць фіналіст «Заспявай-5», электронны праект Maximalism, які можа стаць яскраваю з’яваю ў беларускай электроннай музыцы. Іхныя трэкі ўжо выходзілі на лэйблах ва Украіне, Нямеччыне, Вялікабрытаніі ды Нідэрландах. Для конкурсу яны зрабілі песню «Фрагменты» на словы Ганны Комар.

А падтрымае музыкаў сваім выступам Palina – праект Паліны Рэспублікі, якую TuzinFM назваў адкрыццём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Нядаўна спявачка зрабіла фурор на ўкраінскім тэлешоў «Х-фактор», на якім дайшла да фінала.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ: 9.03. MAXIMALISM. ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ PALINA

17 сакавіка (нядзеля) у клубе «Гудвін» пройдзе сольны канцэрт праекту Аляксея Варсобы (Port Mone trio) і спявачкі Ірэны Катвіцкай, які завецца Warsoba. Адмысловымі гасцямі будуць  Павал Козіч і Ціхан Букраба, якія сталі фіналістамі «Заспявай-5» дзякуючы песні «Трамвай» на словы Антона Рудака. Музычныя густы ўсіх удзельнікаў гэтага канцэрта супадаюць, так што вечар абяцае быць дужа прыемным.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ: 17.03. WARSOBA. З УДЗЕЛАМ ПАЎЛА КОЗІЧА & ЦІХАНА БУКРАБЫ

23 сакавіка (субота) з сольным канцэртам у клубе «Графіці» выступіць Раман Волазнеў, які трапіў у фінал «Заспявай-5» з песняй «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава. У ягоную падтрымку свой сэт у гэты вечар зайграе Navibandякія некалі таксама сталі пераможцамі «Заспявай» (2015).

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ: 23.03. РАМАН ВОЛАЗНЕЎ. ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ NAVIBAND

29 cакавіка ў новым менскім клубе «Berlin» можна будзе пачуць жыўцом усіх трох фіналістаў «Заспявай-5». На гэтым канцэрце і будзе названае імя пераможцы конкурсу, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў. Адмысловым госцем вечарыны будзе праект «Eryk i Ja», які заснаваў паэт і спявак Уладзь Лянкевіч (TonqiXod) разам з мультыінструмэнталістам Эрыкам Арловым-Шымкусам (ili-ili, Harotnica mix, раней Vuraj, Паліна Рэспубліка).

 

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ: 29.03. MAXIMALISM, ПАВАЛ КОЗІЧ & ЦІХАН БУКРАБА, РАМАН ВОЛАЗЬНЕЎ. ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ «ERYK I JA»

TuzinFM