Заспявай-5. Хто за каго галасаваў у журы?

Журы конкурсу зрабіла свой выбар. Пасля жывога праслухоўвання кожны з сямі экспертаў назваў пяцёрку найлепшых. Па выніку тры выканаўцы, якія набралі найбольшую колькасць балаў, прайшлі ў наступны этап «Заспявай-5».

Большасць сябраў журы прысутнічалі на жывым праслухоўванні. Наталля Куніцкая і Павал Бераговіч, якія жывуць па-за межамі краіны, атрымалі відэазапісы, зробленыя на гэтым праслухоўванні. Большасць канкурсантаў таксама здолелі сыграць ужывую. Арганізатары пайшлі насустрач некаторым удзельнікам, якія не змаглі прыехаць на адбор з паважлівых прычынаў, і прынялі да разгляду запісаныя імі відэа.

Кампазітарка і спявачка, лідарка праекту Mustelide Наталля Куніцкая на першым этапе адбору дала шанец 12 выканаўцам. Яе выніковая пяцёрка па выніках відэа-праслухоўванняў выглядае наступным чынам:

  1. Maximalism – «Фрагменты»
  2. Соф’я Астапюк – «Снег»
  3. Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай»
  4. Анастасія Казакова – «Аэрадромная»
  5. BarRokka – «Адзінокая песьня»

«Для мяне галоўным крытэрам было адчуванне таго, што гэта чапляе, што песню спявае жывы чалавек са сваімі перажываннямі і гісторыяй, мне важна было наяўнасць пэрсанажа за гэтымі спевамі. Таксама для мяне было істотнай цікавая і запамінальная мелодыя, каб патэнцыйна песня магла стаць хітом. І ў абраных песнях я гэты патэнцыял адчула. Што тычыцца музычнага афармлення, то я пачула досыць шмат штампаў, стандартных хадоў і гукаў. Спадзяюся, што пры далейшай працы ўдзельнікі змогуць ад гэтага адыйсці і будуць смялейшымі ў працы з гукам», – зазначыла Наталля.

У лонг-лісце ў музыкі Алеся-Францішка Мышкевіча (The Superbullz, Volski, Drezden) было 14 выканаўцаў, якіх ён захацеў паслухаць на жывым праслухоўванні. Ягоная выніковая пяцёрка з каментарамі выглядае так:

  1. Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай»

«Выдатнае выкананне, гарманічнае спалучэнне музыкі, тэкста, вакалу, прафэсійна і моцна. Трэк, які павіны гучаць!».

  1. Lear– «Два сэрцы» 

«З добрай аранжыроўкай песня мае патэнцыял някепскага поп-трэку ў духу Рыяны па-беларуску!   Рэальна!!!»

  1. Maximalism – «Фрагменты»

«Сучасна. З добрым густам. Мілагучнасць беларускай мовы і выдатная музыка».

  1. Уладзь Лепяшынскі іLear – «Мама»

Цікава, што гэты трэк Алесь не назваў у лонг-лісьце, але ўключыў у пяцёрку – надта яму спадабалася як гэты трэк быў зайграны жыўцом.

  1. Ігар Палынскі – «Зоркі былі супраць нас»

«Выдатны прыклад сапраўднай ТРУшнай бардаўскай песні. Кампазіцыя мусіць загучаць на бардаўскіх фэстах і ў суполках аматараў гэткага жанру».

Алесь зазначае, што шмат выдатных трэкаў засталіся па-за межаю пяцёркі. Напрыклад, «Роспач на продаж» ад Absolemcloud: «Патэнцыйны хіт, які можа пакласці пачатак новай клубна-дэнсавай беларускамоўнай хвалі». «Аэрадромная» ад Анастасіі Казаковай: «Песня, якая можа стаць хітом і загучаць у кожным двары пад гітару». «Альфа» ад Ліхтара: «Той прыклад, які сведчыць якіх трэкаў не хапае ў беларускай музыцы. Выдатны тэкст і класна зробленая музыка».

Спявачка і педагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba) у даўгім спісе назвала сямёра выканаўцаў, а яшчэ чатырох адкрыла для сябе, пачуўшы на жывым праслухоўванні. Па выніку яе пяцёрка выглядае наступным чынам:

  1. Анастасія Казакова – «Аэрадромная»
  2. Ліхтар – «Альфа»
  3. Absolem cloud – «Роспач на продаж»
  4. Ili family – «Гульня ў гарады»
  5. Barrokka – «Адзінокая песня»

«Узровень музыкаў вельмі розны – гэта палітра ў дыяпазоне ад аматарства да сур’ёзнага прафесіяналізма, – зазначае Ірэна. – Я вылучыла тых, хто на мой погляд мае ўласны тэмперамент, музычны інтэлект і добра адчувае заканамернасці свайго жанру. Дзякуй усім ўдзельнікам за тое, што любяць музыку!». Галоўнае адкрыццё для спявачкі – трэк Анастасіі Казаковай. Асобна вылучае Ірэна юную спявачку Atesta з трэкам «Магільшчык».

12 выканаўцам даў шанец узяць удзел у жывым праслухоўванні Алег Хаменка, выкладчык і лідар гурта «Палац», незменны сябра журы конкурсу «Заспявай».

«Вельмі спадабаліся сёлетнія канкурсанты. У кожным творы, які быў дасланы на конкурс, ёсць мастацкае паветра і думка мысляра. Гэта вельмі цешыць. Выбар быў вельмі няпросты, бо вартых твораў у разы болей, чым трэба было назваць. Звяртаюся да ўсіх канкурсантаў і перадусім да тых, хто не трапіў у лік фіналістаў – у аніякім разе НЕ ПАКІДАЙЦЕ вашыя творы, давядзіце іх да публічнага нараджэння! Яны таго вартыя!», – зазначыў Алег у каментары. Ягоная пяцёрка выглядае наступным чынам:

  1. Раман Волазнеў – «Салёныя сны»
  2. Absolem cloud – «Роспач на продаж»
  3. Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай»
  4. Леся Стасевіч – «Калі я»
  5. Maximalism – «Фрагменты»

Саўндпрадзюсар Андрэй Акатаў, які будзе даводзіць да ладу песні фіналістаў конкурсу, назваў 13 выканаўцаў, якія яму было цікава паслухаць жыўцом. Па выніках другога праслухоўвання ён адзначыў: «Складана было абіраць, бо жывы ўзровень амаль ва ўсіх даволі слабы, мала хто рэальна прэтэндуе на роль франтмэна, гітарысты амаль усе вельмі слабыя, амаль да анэкдатычных сітуацый. Мне хацелася абраць тых, у каго ёсць патэнцыял і з кім можна зрабіць нешта цікавае, няхай нават гэты патэнцыял вельмі глыбока схаваны. Але трэба разумець, што спяваць ды граць з нуля ніхто не будзе вучыць. Ёсць сярод канкурсантаў і тыя, якія ўжо ёсць рэальна такімі, якімі павінныя быць. На іх я таксама звярнуў увагу».

Топ-5 ад Андрэя з кароткімі каментарамі.

  1. Раман Волазнеў – «Салёныя сны». Выканаўца, які мае яшчэ рэальна вялікі патэнцыял для роста і ён у прынцыпе малайчына.
  2. Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай». Адзіныя, хто на жывым праслухоўванні нармальна сыгралі, агулам жа Козіч прэтэндуе на тое, каб звацца прафесіяналам.
  3. Ili family – «Гульня ў гарады». Канечне, яшчэ шмат пытанняў, але з гэтай песняй можна было бы працаваць і зрабіць яе прыгожа. Самі музыкі рэальна пазітыўныя, амаль адзіныя, хто імкнецца рабіць светлую музыку для людзей.
  4. Соф’я Астапюк – «Снег». Магчыма і болей балаў можна было бы даць, калі пабачыць на сцэне ўжывую. Але і з відэа можна ўлавіць вялікі патэнцыял.
  5. Maximalism – «Фрагменты». Ужывую зусім не раскрылася тэма, шмат недапрацовак, але можна зрабіць вельмі цікавы і годны прадукт.

Кіраўнік TuzinFM, прадзюсар і сузаснавальнік «Заспявай» Сяргей Будкін назваў 10-ку выканаўцаў, якія прайшлі ў другі тур конкурсу, а з іх вылучыў сваю пяцёрку пасля праслухоўвання жывых сэтаў і відэазапісаў. «Мне хацелася даць шанец тым выканаўцаў, якія толькі фармулююць сваё творчае «Я», таму ў маім спісе няма выканаўцаў, якія выглядаюць ужо на цалкам сфармаваных, але ёсць тыя на фармаванне якіх можа паўплываць наш конкурс у тым ліку», – зазначыў Сяргей. Вось як выглядае ягоная пяцёрка:

  1. Lear – «Два сэрцы»
  2. Соф’я Астапюк – «Снег»
  3. Maximalism – «Фрагменты»
  4. Леся Стасевіч – «Калі я»
  5. Ігар Палынскі – «Зоркі былі супраць нас»

Сузаснавальнік конкурсу «Заспявай» і кіраўнік фонду «Вяртанне» Павал Бераговіч адзначыў высокі ўзровень канкурсантаў сёлета і выказаў спадзеў, што дзякуючы конкурсу выканаўцы адкрылі для сябе ў тым ліку і свет беларускай паэзіі, і будуць надалей да яе звяртацца. Ягоная выніковая пяцёрка выглядае так:

  1. Раман Волазьнеў – «Салёныя сны»
  2. Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай»
  3. Соф’я Астапюк – «Сьнег»
  4. Absolem cloud – «Роспач на продаж»
  5. Ігар Палынскі – «Зоркі былі супраць нас»

Такім чынам, па суме балаў (за 1-ае месца давалася – 5 балаў, за 2-ое – 4 і г.д.) тройка пераможцаў выглядае такім чынам:

Павал Козiч & Цiхан Букраба – «Трамвай» – 19 балаў

Maximalism – «Фрагменты» – 16 балаў

Раман Волазнеў – «Салёныя сны» – 15 балаў

Фіналістаў конкурсу чакаюць яшчэ індывідуальныя заняткі з Ірэнай Катвіцкай (па вакале), Настай Шастак (па самапрэзентацыі) і Андрэем Акатавым (у студыі). Увесну яны дапрацуюць конкурсныя песні і дадуць канцэрты ў межах конкурсу пры падтрымцы вядомых выканаўцаў, а таксама выступяць у сумесным гала-канцэрце, на якім будзе абвешчаны пераможца «Заспявай-5».

TuzinFM