32 кнігі намінаваныя на прэмію Шэрмана

Іх пераклалі з 15 моў.

Журы зацвердзіла поўны спіс выданняў на перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана 2018. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2017 года.

Сёлета на галоўную ўзнагароду прэтэндуюць 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў, сярод якіх лаціна і іўрыт, а таксама старабеларуская ды родная мова Карласа Шэрмана — іспанская. Выбіраць пераможцу журы будзе сярод перакладаў прозы, паэзіі ды дзіцячай літаратуры.

У прэміяльным працэсе сёлета ўдзельнічаюць кнігі 11 выдавецтваў, сярод якіх 10 беларускіх і адно ўкраінскае. Так, сярод лідараў — выдавецтвы “Кнігазбор” — сем кніг (чатыры пазіцыі), “Зміцер Колас” — пяць кніг, “Янушкевіч” — пяць кніг; “Галіяфы” і “Логвінаў” прадстаўленыя чатырма кнігамі кожнае. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” прадстаўленае дзвюма кнігамі; “Харвест”, “Брэсцкая друкарня”, “Пазітыў-цэнтр”, Уладзімір Сіўчыкаў, “Люта справа” (Украіна) — па адным выданні.

Сябры журы вырашылі чатыры кнігі з адной серыі аб’яднаць у адну намінацыю, што фармальна скараціла колькасць намінаваных кніг у поўным спісе.

Поўны спіс прэміі Шэрмана сёлета:

Алена Казлова з перакладам з фінскай мовы. Ціма Парвела “Эла і сябры”. “Мастацкая літаратура”, Мінск.
Алесь Плотка з перакладам з украінскай мовы. Іван Сэмесюк “Прыгоды павіяна Томаса”. “Люта Справа”, Кіеў.
Алесь Разанаў з перакладам са старабеларускай мовы. Францыск Скарына “Маем найбольшае самі”. “Мастацкая літаратура”, Мінск
Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы. Кен Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”. “Янушкевіч”, Мінск.
Андрэй Кім з перакладам з англійскай мовы. Клайв Стэйплз Льюіс “Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб”. “Пазітыў-цэнтр”, Мінск.
Андрэй Хадановіч з перакладам з польскай мовы. Дарота Коман “36 метраў думак”. “Логвінаў”, Вільня.
Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Бэргстрэм Гуніла “Суперкніга пра Біла з Болаю”. “Кнігазбор”, Мінск.
Андрэй Хадановіч, Макс Шчур, Рыгор Барадулін з перакладам з англійскай мовы. Эмілі Дыкенсан “Выбраная лірыка”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Антон Францішак Брыль з перакладам з лаціны. Гай Валерый Катул “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Васіль Песенка з перакладам з іспанскай мовы. Хуан Мануэль Маркас “Зіма Гюнтэра”. “Галіяфы”, Мінск.
Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы. Аляксандр Чакс “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Васіль Сёмуха з перакладам з нямецкай мовы. Патрык Зюскінд “Парфума” і “Басэтля”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы. Льюіс Кэрал “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. “Галіяфы”, Мінск.
Вольга Колас з перакладам з італьянскай мовы. Антоніа Табукі «Сны сноў». “Янушкевіч”, Мінск.
Галіна Жарко, Мікола Хаўстовіч з перакладам з польскай мовы. Баляслаў Прус “Лялька”. Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, Мінск.
Ганна Комар, Юля Цімафеева, Наталля Бінкевіч з перакладам з англійскай мовы. Чарльз Букоўскі “Святло, і паветра, і месца, і час”. “Харвест”, Мінск.
Ганна Янкута (аповесць “Знак чатырох”) і Кацярына Маціеўская (аповесць “Эцюд у пунсовым”) з перакладам з англійскай мовы. Артур Конан Дойл “Знак чатырох”. “Янушкевіч”, Мінск.
Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы. Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”. “Кнігазбор”, Мінск.
Ірына Герасімовіч з перакладам з нямецкай мовы. Франц Холер “Каменны патоп”. “Галіяфы”, Мінск.
Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы. Ісмаіль Кадарэ “Хроніка ў камені”. “Янушкевіч”, Мінск.
Марыя Мартысевіч з перакладам з рускай мовы. Сяргей Лапцэвіч “Плошча Калумба”. “Галіяфы”, Мінск.
Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута з перакладам з польскай мовы. Баляслаў Лесьмян “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Юя Вісландэр “Хутчэй, Мама Му!”. “Логвінаў”, Вільня.
Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Свэн Нурдквіст “Калядная каша”, “Паляванне на ліса”, “Пэтсан сумуе”, “Фіндус з’язджае”. “Кнігазбор”, Мінск.
Павел Касцюкевіч і Сяргей Шупа з перакладам з іўрыта. Этгар Керэт “Раптам стук у дзверы”. “Логвінаў”, Вільня.
Сяргей Амяльчук з перакладам з украінскай мовы. Анна Баграна “Цітоцень”. Брэсцкая друкарня, Брэст.
Сяргей Сматрычэнка з перакладам з чэскай мовы. Яхім Топал “Цэх д’ябла”. “Логвінаў”, Вільня.
Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў, Алесь Кудраўцаў з перакладам з англійскай мовы. Говард Ф. Лаўкрафт “Кліч Ктулху” (апавяданні). “Янушкевіч”, Мінск.
Уладзь Лянкевіч з перакладам з англійскай мовы. Джэймс М. Бары “Пітэр Пэн”. “Кнігазбор”, Мінск.

Сёлета ў склад журы ўвайшлі: перакладчык і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца і загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ганна Бутырчык, паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык, перакладчык, паэт і празаік Дзмітрый Плакс, літаратуразнаўца і выкладчыца Марына Шода.

Сябры журы не маюць права галасаваць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі. У доўгі спіс прэміі таксама не ўключаліся кнігі, у перакладзе якіх прымалі ўдзел сябры журы.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд «Вяртанне». Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.

У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 — Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.

Падпісвайцеся на старонку ў фэйсбуку, каб сачыць за навінамі Прэміі!

Арганізантары